ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ ГРУ́ПА лакальна-тэрытарыяльная група насельніцтва, якая адрозніваецца асаблівасцямі традыц. матэрыяльнай і духоўнай культуры, побыту, часам мовы. Паходжанне Э.г. звычайна звязана з прыродна-кліматычнымі ўмовамі жыцця, родам гасп. заняткаў, радзей — са спецыфікай этнагенезу і этн. гісторыі насельніцтва пэўнай тэрыторыі. Этн. самасвядомасць Э.г. звычайна выяўлена слаба, таму пераважаюць адпаведныя мясц. (зямляцкія) самавызначэнні — пінчукі, случакі, быхаўцы, палачане, мсціслаўцы, тураўцы і інш. У перыяд феадалізму актывізацыя этнаўтваральных працэсаў садзейнічала аб’яднанню Э.г. ў межах буйных гіст.-этнагр. і субэтнічных супольнасцей беларусаў, палешукоў і літвінаў. У пач. 20 ст. лакальныя асаблівасці большасці Э.г. Беларусі паступова былі нівеліраваны агульнабел. кансалідацыйнымі працэсамі, што прывяло да ўзмацнення агульнаэтн. самасвядомасці (на змену мясц. самавызначэннем прыйшоў агульны этнонім — беларусы). У наш час некат. групы насельніцтва Зах. і Усх. Палесся, Панямоння, Верхняга Падняпроўя, Падзвіння захоўваюць пэўныя асаблівасці традыц. жылля, адзення, абрадаў, звычаяў, фальклору і інш.
І.У.Чаквін.
т. 18, кн. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)